РАБІ́НАВАЯ НОЧ,
у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз. таксама арабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.
У.А.Васілевіч.
т. 13, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)